Выстава «Звініць пад дугой званочак»

Калекцыя сувенірных званочкаў Краўчанка Таццяны Мікалаеўны

Шкляныя, гліняныя, драўляныя, металічныя, з саломкі... – калекцыя званочкаў Таццяны Мікалаеўны Краўчанка з горада Наваполацка дзівіць сваёй разнастайнасцю. Здзіўляюць гэтыя звонкія сувеніры яркімі, незвычайна каларытнымі вобразамі. Вось чароўна ўсміхаецца жаба ў модным паліто, гутараць аб нечым два ката на даху маленькага доміка, з цікавасцю паглядае навокал сабака са сваёй будкі. Ёсць у калекцыі званочкі ў выглядзе грыба, вежы, пацешных казачных гномаў, анёлкаў. Шмат у зборы навапалачанкі «падарожнікаў»: цешаць вока званочкі з розных гарадоў Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы.

Калекцыя Таццяны Мікалаеўны паступова папаўняецца на працягу апошніх дзесяці гадоў і ўжо налічвае больш за 130 экзэмпляраў! Але на гэтым ўладальніца «званкагалосай кампаніі» спыняцца не збіраецца. І гэта не дзіўна, бо тоненькі, меладычны і такі непаўторны галасок кожнага званочка не толькі зачароўвае сваім гучаннем, але яшчэ і засцерагае! Здаўна лічыцца, што калі званочак прысутнічае ў доме, то ў ім пануе светлая і добрая атмасфера . Нашы продкі спецыяльна падвешвалі званочак на скразняку, каб ён звінеў ад подыху ветру, засцерагаючы жыхароў дома і выганяючы ўсё дрэннае з яго. А ў вашым доме чуюцца пералівы званочкаў?