Выстава «Дзіцячыя сны»

У 2009 годзе ўпершыню наведвальнікі нашага музея ўбачылі яркую, непаўторную калекцыю аўтарскіх лялек Вольгі Несцеравай. Як сказала сама аўтар выставы: «Лялька прыходзіць у свет самастойна, выкліканая да жыцця мімалётнай зданню, казкай, мелодыяй, выпадковым лапікам, кавалачкам карунак… Яна прыходзіць і заяўляе сваё права на існаванне, таму што яна – Лялька! Мне заўсёды здавалася, што найвялікі дарунак – гэта ўменне штосьці ствараць. Нараджаецца чалавек, і ў яго ўвесь час «свярбяць рукі», хочацца чыніць, шыць, вышываць, ляпіць, маляваць, плесці з пацерак. Уся шматстатнасць маіх захапленняў вылілася, нарэшце, у хобі, у якім я змагла рэалізаваць свае ўменні майстраваць, ляпіць, маляваць, шыць, вышываць, быць цырульнікам».

За мінулыя гады шмат што змянілася ў жыцці гэтага таленавітага чалавека: лялькі з першай калекцыі знайшлі новых гаспадароў, Вольга асвоіла новыя тэхнікі, удасканаліла майстэрства, стварыла шмат яркіх, непаўторных выяў. Яе лялькі можна было ўбачыць на выставах у многіх гарадах нашай рэспублікі, Германіі і інш. краінах.

Сапраўдным гасцінцам да 10-годдзя Дзіцячага музея стала яшчэ адна выстава аўтарскіх лялек Вольгі Нестеровой «Дзіцячыя сны». Незвычайныя, яркія выявы з дзіцячых сноў зачароўваюць гледача. Сярод пададзеных прац ёсць антыкварная лялька, якая знаходзіцца ў асабістай калекцыі В.Несцеравай.