Выстава «Пра што ўспамінаюць цацкі»

Калекцыя цацак другой паловы XX стагоддзя з музейнага збору
Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Самыя першыя цацкі з'явіліся яшчэ ў першабытныя часы. Гэта былі каменныя, гліняныя, а пазней, і металічныя фігуркі, якія мелі рэлігійнае значэнне. Вялікая колькасць культавых лялек была знойдзена на тэрыторыі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Лялькі для дзяцей (для гульні) рабіліся ўручную з гліны, дрэва і часта мелі рухомыя рукі і ногі, якія прымацоўваліся да цела з дапамогай нітак і палачак. У той час ужо існавалі і лялькі-марыянеткі.

У XVI стагоддзі з’явілася рамяство па вырабе лялек на заказ. Кошт на іх быў вельмі высокі. У гэты ж час у Францыі з'яўляюцца танныя цацкі, але вытворчасць іх застаецца саматужнай. І толькі ў XIX стагоддзі ствараецца «Сіндыкат французскіх фабрыкантаў цацак». З гэтага часу пачынае развівацца цэлая «лялечная» індустрыя.

З усіх відаў цацак, мяккая цацка - самая позняя. З'явілася яна толькі ў XIX стагоддзі. Мяккія цацкі - гэта прататыпы розных жывёл, якія клапатлівыя матулі шылі сваім дзецям са шматкоў тканіны, набівалі ватай, упрыгожвалі, выкарыстоўваючы розныя навыкі рукадзелля, вязанне і вышыўку. У канцы XIX стагоддзя сталі ўзнікаць шматлікія фабрыкі па вырабу мяккай цацкі.