Выстава «Буквар-чараўнік»

1 верасня сотні хлапчукоў і дзяўчынак нашага горада пайшлі ў першы клас. Для іх усё было ўпершыню: першы настаўнік,першы званок, першы ўрок і, вядома, першы падручнік – буквар.

Першакласнікі гімназіі №1 г. Полацка вырашылі пазнаёміцца (і пасябраваць) з падручнікам-чараўніком, наведаўшы выставу, якую супрацоўнікі Дзіцячага музея падрыхтавалі да новага навучальнага года.

Дзяцей чакала нямала адкрыццяў. Аказваецца, навучальны год некалі пачынаўся 1 снежня, а дзяцей навучалі грамаце па Псалтыры, і ўжо зусім насілу верылася ў тое, што нядбайнага падлетка настаўнік-дзяк караў розгамі.

Вясёлы Бураціна пазнаёміў дзяцей з сучаснымі букварамі, дапамог сабраць партфель у школу, паспаборнічаў у кемлівасці і падарыў усім гасцям святочны настрой.